Get Mystery Box with random crypto!

«Табе ён [крыжык] не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем | Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!

«Табе ён [крыжык] не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем святло!»

У
межах Тыдня супраць катаванняў «Вясна» і «Маланка Медыя» прэзентуюць серыю ролікаў з гісторыямі пра катаванні ў Беларусі пры розных абставінах: пры затрыманні, у ГУБАЗіКу, у ізалятарах і турмах і г. д. У адным з гэтых ролікаў гісторыя мінчука, у якога пры збіцці парвалі ланцужок з крыжыкам.

«Калі ўдары палкай скончыліся, мяне яшчэ пару разоў штурхнулі нагамі, і ў нейкі момант адзін з іх заўважыў на маёй шыі ланцужок з крыжыкам. Я адчуў, як хтосьці са скацін тузануў за яго і парваў. Крыжык з ланцужком адляцелі ў бок. У той жа момант я захацеў іх падабраць з падлогі. Але гэта было не так проста зрабіць. Цела і рукі не слухаліся. Не ведаю, як гэта працуе, але, атрымліваючы вялікую колькасць удараў па ўсім целе, арганізм нібы блакуе мускульную актыўнасць і любы рух даецца з цяжкасцю. Болю на той момант я ўжо не адчуваў. Галава працавала ясна, быў у свядомасці.

Кісці рук дрыжалі ад напружання, але я здолеў дацягнуцца да крыжыка з ланцужком, якія ляжалі на падлозе, і заціснуў іх у далоні правай рукі, паверх закрыўшы левай. Паралельна паўтараў: «Крыж вярніце. Вярніце мой крыж». Яны б лёгка маглі не даць мне гэтага зрабіць, паколькі ўсе рухі даваліся мне павольна і насілу. Ім падабалася глядзець на мае рукі, якія калаціліся, і наогул на мой стан, яны ўпіваліся сваёй уладай. У нейкі момант адзін з іх сказаў тое, што мяне ўразіла нават у тым стане. На маё «Крыж вярніце» ён прамовіў даслоўна: «Табе ён не спатрэбіцца. Ты ў храме, а мы самі нясем святло». Усе ўхваляльна загаманілі. У гэту секунду я падумаў, што знаходжуся ў нейкім дзёўбаным залюстаркоўі, што гэта ўсё суцэльны сюр. Але нажаль. Гэта было наяве».