Get Mystery Box with random crypto!

Расійскі гісторык і апазіцыйны палітык Андрэй Зубаў даў інтэрв | Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!

Расійскі гісторык і апазіцыйны палітык Андрэй Зубаў даў інтэрв'ю "Радыё Свабода". Поўнае відэа інтэрв'ю на рускай мове можна паглядзець па спасылцы. Некаторыя тэзісы з размовы:

Пра сьвядомыя ахвяры Калесьнікавай і Навальнага

— Часта кажуць, што да палітыка маральныя ацэнкі няма як прыкладаць. І сапраўды, на жаль, многія палітыкі ва ўладзе і ў апазыцыі маглі б быць лепшымі ў маральным сэнсе. Нашыя грамадзтвы, беларускае і расейскае, постсавецкія, посткамуністычныя грамадзтвы сапсаваныя нэгатыўным стаўленьнем да чалавека. Грамадзтва ня верыць у ідэалы. І такія акты самаахвяраваньня палітыка абсалютна «выбіваюць» пасьлякамуністычнага чалавека са стану перакананасьці, што ўсе дрэнныя. Нібыта і Навальны, і Калесьнікава — людзі, якія паставілі на мэце адправіць на заслужаны адпачынак Лукашэнку і Пуціна, але і людзі, якія імкнуцца так ці інакш адыграць вялікую ролю ў палітыцы пасьля Лукашэнкі і Пуціна. Чаму ж тады яны ахвяруюць сваёй свабодай, а то і жыцьцём? Навальны на адным з апошніх працэсаў сказаў, што ён і трох капеек за сваё жыцьцё ня дасьць. І ён мае рацыю. Яго спрабавалі забіць, і ён вярнуўся ў рукі тых, хто гэта зрабіў.

Пра вольныя ахвяры як найвышэйшую сілу

— У любой культуры, ня толькі хрысьціянскай, акт самаахвяраваньня лічыцца найвышэйшым актам чалавечай сілы і мужнасьці і дапамогі іншым. Ахвяра дзеля іншых. Калі чалавек ахвяруе сабой, ён больш нічога ў фізычным пляне не набывае, ён гіне, але іншыя дзякуючы яму набываюць. У хрысьціянскай традыцыі парадыгмальнай формай зьяўляецца Ісус Хрыстос. Ён абсалютна мірна, адмовіўшыся ад усялякага супраціву, пайшоў на вольную сьмерць. І вобраз вольнай ахвяры, які пранізвае ўсё хрысьціянства, гэта найвышэйшая сіла. Ці сьвядома ідуць на гэта Марыя Калесьнікава і Аляксей Навальны, ці несьвядома, я ня ведаю. Мне падаецца, што дастаткова сьвядома, але ня дзеля большай папулярнасьці, а дзеля таго, каб вызваліць свае народы ад улады тырана. Як палітык я не ва ўсім з Навальным згодны, мы неаднойчы асабіста спрачаліся, і будзем спрачацца, калі будзем жыць, але па-чалавечы мне стала лягчэй жыць, калі я пабачыў, што ёсьць чалавек, які ідзе на такі шлях. Гэты подзьвіг заўсёды вызваляе.

Пра безумоўную перамогу негвалтоўнага супраціву

— Акрамя вобразу Хрыста і нашых сучасных герояў у нашых краінах, даволі шмат людзей выбіралі шлях негвалтоўнага супраціву. І ў выніку, нават загінуўшы, яны перамагалі. Каб вызваліцца ад улады Брытанскай кароны, у Індыі пачаўся рух Махатмы Гандзі. І гэты негвалтоўны рух аказаўся больш эфэктыўны, чым усе формы гвалтоўнага супраціву. Сам Гандзі загінуў ад рукі правага індыйскага фундамэнталіста, які, верагодна, марыў пра гвалтоўны варыянт перамогі. І Гандзі — сымбаль вызваленьня.

Чаму ахвяры ня будуць марнымі

— Гэта ўсё дакладна не дарма ў Беларусі, Расеі і ва ўсім сьвеце. Той жа Нэльсан Мандэла правёў за кратамі 27 гадоў, і ў выніку Паўднёвая Афрыка вызвалілася ад апартэіду і карэннае насельніцтва атрымала ўладу, за што ён і змагаўся. Негвалтоўны супраціў не дае хуткіх эфэктаў, тады як гвалтоўны супраціў можа перамагчы ў тры дні. Гвалтоўны супраціў, як правіла, нясе на месца адной тыраніі другую, калі не тыранію, то жорсткасьць. Негвалтоўны супраціў не нясе жорсткасьці. Гэта сродак, які дзейнічае павольна, але ён практычна заўсёды прыводзіць да перамогі. Такіх выпадкаў у сьвеце вельмі шмат. І самы галоўны прыклад — самога Хрыста. Я думаю, што і справа беларускіх мужных патрыётаў, і справа такіх жа людзей у Расеі і ва ўсім сьвеце прынясе посьпех. Больш за тое, гэта самы слушны шлях да перамогі над тыраніяй.