Get Mystery Box with random crypto!

Прароцкая місія Праваслаўнай царквы: сведчанне любові праз слу | Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!

Прароцкая місія Праваслаўнай царквы: сведчанне любові праз служэнне
1. У кантэксце сённяшяга свету ўнёсак Праваслаўнай царквы ў справы міру, свабоды, справядлівасці і брацва паміж народамі павінен быць перш за ўсё сведчаннем любові. І гэтае сведчанне павінна заўжды праяўляцца ў выбары найбольш эфектыўных сродкаў, зыходзячы з акалічнасцяў, асаблівых для кожнай канкрэтнай царквы. Сведчанне любові значыць, што Праваслаўныя цэрквы могуць умешвацца ў сітуацыі, якія на іх погляд супярэчаць Дабравесцю і іх традыцыі. Менавіта ў гэтым мы бачым неадкладнасць прароцкай місіі Праваслаўя, ягонага абавязку сведчыць пра “надзею, што жыве ў нас” у кожнай сітуацыі, які пагражае міру, свабодзе, справядлівасці і брацтву, а таксама павазе да чалавечай асобы і да вобразу Божага ў чалавеку. Не трэба і казаць, што дзеля выканання гэтай прароцкай місіі Праваслаўныя цэрквы маюць абавязак захоўваць спакой сваёй паствы, за якую яны клапоцяцца і вядуць па шляху Дабравесця. Мы верым, што нішто іншае, але менавіта любоў ажыўляе сёння гатоўнасць Праваслаўных цэркваў несці сваё сведчанне - сведчанне веры і надзеі - у супрацоўніцтве з іх сёстрамі і братамі з іншых хрысціянскіх цэркваў і канфесій, а таксама з усім чалавецтвам у свеце, які патрабуе гэтага, мабыць, больш чым калі.
2. Мы, праваслаўныя хрысціяне, разумеючы сэнс збаўлення, маем абавязак змагацца за аблягчэнне хваробаў, нягодаў і пакутаў. Самі жывучы досведам міру, мы не можам заставацца абыякавымі да яго адсутнасці ў сённяшнім грамадстве. Самі атрымаўшы карысць ад справядлівасці Божай, мы змагаемся за больш дасканалую справядлівасць у свеце і выкараненне ўсякага прыгнёту. Самі штодзённа жывучы досведам Божай міласэрнасці, мы змагаемся супраць усялякага фанатызму і нецярпімасці паміж людзьмі і народамі. Пастаянна абвяшчаючы ўцялесненне Божае і абожанне чалавека, мы абараняем правы чалавека для ўсіх людзей і народаў. Жывучы Божым дарам свабоды праз адкупленне Хрыстова, мы можам больш поўна абвяшчаць пра ейную ўсеагульную каштоўнасць для кожнага чалавека і кожнага народа. Спажываючы Цела і Кроў нашага Госпада ў святой Еўхарыстыі, мы на досведзе спазнаем патрэбу дзяліцца Божымі дарамі з нашымі сёстрамі і братамі, і яшчэ лепей разумеем, што такое голад і нястача, і змагаемся за іх выкрананне. З нецяплівасцю чакаючы новай зямлі і новых нябёсаў, дзе будзе панаваць абсалютная справядлівасць, ужо тут і цяпер мы змагаем за адраджэнне і абнаўленне чалавека і грамадства.
3. Наша сведчанне і ягоны плённы ўнёсак ў наш век бясплённасці, якая патрабуе Бога больш, чым калі, напэўна, будзе найлепшым спосабам для нашых цэркваў садзейнічаць міру і спадарожным яму ідэалам і ажыццяўляць іх на практыцы. Праваслаўныя цэрквы ў любові шлюць зварот да ўсяго свету, заклікаючы да супрацоўніцтва ў закладанні падмурку любові і міру паміж людзьмі і народамі.

З дакумента "Унёсак Праваслаўнай царквы ў ажыццяўленне міру, справядлівасці, свабоды, брацтва і выкараненне расавай і іншай дыскрымінацыі", прынятага Трэцяй Усеправаслаўнай перадсаборнай канферэнцыяй, якая прайшла з 28 кастрычніка па 6 лістапада 1986 г. у г. Шамбезі (Швейцарыя).