Get Mystery Box with random crypto!

РЭФЛЕКСІЯ ЦІ СРАЧ Да поўнамаштабнай вайны я ўжо была больш у | Ukrainian & Belarus

РЭФЛЕКСІЯ ЦІ СРАЧ

Да поўнамаштабнай вайны я ўжо была больш у беларускіх кантэкстах, чымся ва ўкраінскіх. Адною з мэтаў гэтага каналу для мяне была рэалізацыя майго беларускага досведу дзеля дапамогі беларусам у самарэфлексіі (прабачце за пафас і саманадзейнасць). Трыгерныя моманты ў жыцці найлепшыя для рэфлексіі, бо менавіта тады вылазіць самая балючая праўда пра нас саміх. Паўстаюць пытанні, ці здольныя мы яе пабачыць і што гатовыя з ёю рабіць.

Лічу, што ў 2020-м беларусам, асабліва тым, якія раней не ўсведамлялі глабальна сябе як частку нейкай там нацыі, пра саміх сябе пачало адкрывацца шмат цікавага: і добрага, і не. Большасць не была гатовая да такой фарсаванай псіхатэрапіі: і праз нястачу ведаў, і праз адсутнасць шырокага выбару сваіх аўтарытэтаў, і праз неадпрацаваныя калектыўныя траўмы… Можна працягнуць спіс (запрашаю ў каменты).

Не ведаю, як гэта дакладна патлумачыць з погляду псіхалогіі, але, мабыць, пазітыўнае пра сябе даведвацца прасцей і прыемней. І беларусы з гэтым, я лічу, даволі нядрэнна давалі і даюць рады (а хтосьці кажа, што я не хвалю зусім).

А што з непрыемнымі адкрыццямі? Да гэтага этапу самарэфлексіі дайшлі нешматлікія з тых, хто толькі нядаўна зразумеў, што ён частка нацыі, што ягоныя дзеянні ці бяздзеянне маюць уплыў не толькі на беларускую сітуацыю, але і на глабальныя геапалітычныя працэсы. На вайну, напрыклад. Назіраю таксама за тымі, хто быццам бы дайшоў, але вагаецца, што з гэтым рабіць. Ведаю асабіста тых, хто дакладна дайшоў, нават яшчэ да 2020-га, але цяпер таксама паўстаў перад выбарам, што з гэтым рабіць. Ім нібыта хочацца гаварыць пра слабыя бакі. Але як? Сярод прычынаў такой нявызначанасці – напрыклад:

асабістыя кантакты з тымі, хто не гатовы чуць пра сябе некамфортныя рэчы;
адсутнасць адчування тылу, то бок дастатковай колькасці тых, хто падтрымае;
адсутнасць культуры (ці бескультурнасці) публічных дыскусіяў;
страх нашкодзіць і так вельмі крохкаму адзінству сярод дэмакратычна настаўленага грамадства (зноўку запрашаю працягнуць спіс).

Застаецца даволі мала тых, хто гатовы змагацца за калектыўнае пераапрацоўванне негатыўных бакоў адкрыта і на вялікую аўдыторыю. Я амаль не бачу лідараў думак, гатовых беспасярэдне пісаць ці казаць пра негатыў, канструктыўна, не баючыся спужаць пратэставага настрою ці адхіліць ад сябе людзей. Асабліва, як мне падаецца, цяпер былі б карысныя дыскусіі не толькі вакол нейкай тэмы, але і персаналіяў. Лёгка публічна сцябаць Цапкалаў, бо што? Бо ёсць тыл, ты ўпэўнены, што шмат хто падключыцца, ды што там – большасць. А як наконт тых, хто быццам бы свой, на хвалі зменаў, яго клічуць на эфіры ды з ім размаўляюць, а ён, возьмем з апошняга, настальгуе па саўку?

Мне падаецца, дыскусіі павінны ўзнікаць, і больш. Не трэба баяцца «бульбасрачу», а сачыць за словамі, якімі называюць важныя для развіцця працэсы. Не сярэмся, а вучымся камунікаваць. Тое ж было і застаецца са словам «хэйт». Не ўсё непрыемнае са сказанага вам – гэта хэйт. Я лічу, трэба больш гаварыць пра адказнасць кожнага ў выбары словаў (асабліва журналістаў).

Дарэчы, пакуль я ўлетку была на тэлеграм-канікулах, а вы тут забаўляліся са словамі Веранікі Цапкалы пра СМІ, я ўсё чакала пабачыць нейкія артыкулы ці эфіры на тэму беларускай журналістыкі, нейкіх разбораў аб’ектыўнасці ці дарэчнасці падыходаў да асвятлення тэмаў і персаналіяў рознымі медыямі. Зноўку, можа, я дрэнна шукала. Але гэта важная тэма і праблема для беларусаў. Даўно, а дыскусіяў вакол мала.

Калі пра штосьці не казаць, гэта не азначае, што праблемы не існуе. І зноў жа, калі пра штосьці паразмаўляць, можа высветліцца, што гэта не праблема.