Get Mystery Box with random crypto!

За слова «сволочь» у адрас Караева жыхару Баранавічаў прысудзі | Вясна | Брэст

За слова «сволочь» у адрас Караева жыхару Баранавічаў прысудзілі 2 гады «хіміі»

Жыхара Баранавічаў Андрэя Званарова абвінавацілі ў тым, што ён 28 кастрычніка 2020 года ў тэлеграм-канале «Бараўкі Свабодныя» пад фотаздымкам былога міністра ўнутранных спраў Юрыя Караева наўмысна змясціў абразлівы каментар — напісаў слова «сволочь».

Андрэй Званароў віну прызнаў цалкам, патлумачыў, што састаяў у тэлеграм-чаце, заклікаў выключна да мірнага вырашэння накіпелых праблемаў у грамадстве, ніколі не заклікаў да агрэсіі, а калі іншыя людзі выказвалі нешта негатыўнае ў дачыненні да прадстаўнікоў закона, ён ніколі іх не падтрымліваў. Аднак, калі была апублікаваная інфармацыя, дзе Караеў заклікаў бяздумна выкарыстоўваць баявую зброю, Андрэй абурыўся:

«Па мойму меркаванню, гэта разыходзіцца як з нормамі закона, так і з чалавечымі маральнымі [каштоўнасцямі]. І тым больш сітуацыя на той момант была дастаткова напруджаная».

Ён на эмоцыях выказаў сваё стаўленне — напісаў слова «сволочь». Калі размяшчаў каментар не меў намеру нікога канкрэтна абразіць, а проста хацеў выказаць свае адносіны да напісанага ў публікацыі.

Пракурор Іван Гаўдзей прасіў суд прызнаць Андрэя вінаватым і пакараць яго двума гадамі «хіміі», а тэлефон мужчыны, праз які ён пакінуў каментар, канфіскаваць у даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.

Суддзя Іна Паўлоўская пагадзілася з прапановай пракурора і прызначыла абвінавачанаму два гады «хіміі».