Get Mystery Box with random crypto!

Што варта ведаць пра тэлефанаванні і відэазванкі ў калоніях | Вясна | Брэст

Што варта ведаць пра тэлефанаванні і відэазванкі ў калоніях

29 жніўня МУС унёс змены ў Правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў. Зараз у правілы афіцыйна дадалі магчымасць зняволеным размаўляць са сваякамі праз відэасувязь, але гэтае правіла дзейнічала і да ўнесеных зменаў. Як адзначаюць сваякі асуджаных, скарыстацца відэазванкамі магчыма толькі пры наяўнасці ў атрадзе спецыяльных сродкаў для відэасувязі. Таму пра іх наяўнасць трэба ўдакладняць у адміністрацыі калоніі.

Згодна з Крымінальна-Выканаўчым Кодэксам, асуджаным, якія адбываюць сваё пакаранне ў папраўчай калоніі, дазволеныя тэлефанаванні і відэазванкі некалькі разоў ў месяц (да 15 хвілін, але працягласць залежыць ад адміністрацыі калоніі). Дазволеную колькасць званкоў у месяц кожная калонія вызначае па-рознаму, таму трэба ўдакладняць у адміністрацыі. Усе званкі ажыццяўляюцца згодна са складзеным графікам усяго атрада. Зняволены павінен паведаміць сваякам у лісце свой асабісты расклад званкоў на месяц. Для тэлефонных размоваў з людзьмі, якія не з’яўляюцца сваякамі, трэба звяртацца за дазволам да адміністрацыі калоніі.

Тэлефонную картку для званкоў можна купіць у аддзяленнях Белтэлекама або анлайн. Дасылаць яе зняволенаму не абавязкова, бо асуджаным на рукі гэтыя карткі не аддаюць. Дастаткова выслаць лістом (заказным ці «1 класа») толькі 12-значны код (пад ахоўнай плёнкай). Дазвол на размову праз відэасувязь трэба таксама атрымліваць у адміністрацыі калоніі.

Афіцыйна зняволеных пазбаўляюць званкоў у якасці спагнання. Таксама тэлефанаванні і відэазванкі забароненыя тым, хто змяшчаецца ў штрафны (дысцыплінарны) ізалятар, памяшканне камернага тыпу, адзіночную камеру. Званкі ім прадастаўляюцца толькі пры наяўнасці выключных абставінаў (смерць ці цяжкая хвароба блізкага сваяка, якая пагражае яго жыцьцю, стыхійнае бедства, якое ўчыніла вялікую матэрыяльную шкоду асуджанаму ці яго сям’і).

На жаль, праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі зняволеных у калоніі пазбаўляюць званкоў па «неафіцыйных» прычынах: не працуе тэлефон, дзяжурны супрацоўнік аператыўнага аддзела калоніі (які непасрадна адказвае за дазвол) адсутнічае і г.д. Такое здараецца не ў кожнай калоніі, але вельмі часта такім чынам на «палітычных» аказваецца ціск. У некаторых калоніях гэта робяць, каб асуджаны не змог распавесці пра цяжкія ўмовы ўтрымання, таму яго пазбаўляюць і званкоў, і спатканняў.

Таксама нагадваем пра практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”.