Get Mystery Box with random crypto!

Андрэй Аляксандраў # Калі на неба глядзіш праз краты, не бачы | ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ

Андрэй Аляксандраў

#
Калі на неба глядзіш праз краты,
не бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман —гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг,
як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

Ды справы няма да хэштэгаў небу,
пра трэнды неба зусім не ў курсе,
яно пад нагамі не чуе глебы,
не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.

І неба цягне аблокаў вату
над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама не бачыць кратаў,
калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

Андрэй Аляксандраў – 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
Ірына Злобіна – 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму,
Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму,
Ірына Леўшына – 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

Усім вязьням хутчэй выйсьці на волю!