Get Mystery Box with random crypto!

Абдымаючы жыццё Ва ўмовах жыцця ў гістарычныя часы задумваешс | Паўсухія думкі

Абдымаючы жыццё

Ва ўмовах жыцця ў гістарычныя часы задумваешся аб неабходнасці адчуваць гэтае самае жыццё ў цяперашнім часе, а не ва ўспамінах мінулага, не ў марах і планах (хтосьці яшчэ можа марыць і будаваць планы? )

Так, часам здаецца, што нашаму свету прыйшоў гамон і лепшае, што я магу зрабіць — схавацца ў бульбу.

Так, часам здаецца, што рэальнасць — гэта сон. Вось-вось прачнуся і выдыхну з палёгкай. Але не. Прачынаюся і бачу, што свет сапраўды едзе з глузду, чорнае люстэрка — гэта не сон.

Боль. Страх. Апатыя. І разам з тым любоў. Нягледзячы на ўсё, я працягваю любіць жыццё і дзякаваць рэальнасці за прыемныя, шчаслівыя моманты.

Часам сэнсы размываюцца, ад іх застаюцца толькі туманныя цені. Размываюцца, але не губляюцца, не страчваюцца. Наадварот, як гэта не дзіўна, знаходзяцца новыя сэнсы.

Маё жыццё — гэта цэннасць. Мая рэальнасць мае сэнс.


І ў гэтай рэальнасці я маю права не толькі на смутак, апатыю, страхі, нянавісць, неразуменне і спробы ўбачыць будучыню ў чорнай бездані. У гэтай рэальнасці я маю права на шчасце.

Я маю права з асалодой піць смачную каву.

Я маю права шмат чытаць і набываць новыя кнігі.

Я маю права абдымаць і абдымацца.

Я маю права падарожнічаць і пракладваць будучыя маршруты.

Я маю права атрымліваць новыя веды.

Я маю права дадаваць лёд у ружовае віно і піць яго, паралельна гатуючы пасту.

Я маю права піць чырвонае віно, паралельна цалавацца і пакідаць на скуры любімага чалавека сляды ад памады.

Я маю права ўпрыгожваць свой дом кветкамі.

Я маю права весці душэўныя размовы і казаць важныя словы, якія чамусьці не былі сказаныя раней.

Я маю права запісваць свае думкі і пісаць тэрапеўтычныя тэксты, бо слова лечыць.

Я маю права трымаць у далонях свет. Свой уласны свет.

Я маю права жыць, абдымаючы жыццё. А як яшчэ жыць у гістарычныя часы, як не абдымаючы, не смакуючы жыццё?

Веру, што шчасце і любоў уратуюць чалавецтва!