Get Mystery Box with random crypto!

#верш #Хросная Калісьці час можна было сёрбаць як поліўку | Новы свет 🌞

#верш
#Хросная


Калісьці час можна было сёрбаць
як поліўку
Угрызацца ў яго зубамі
Перакатваць
языком у роце
Давіцца (Дваіцца) ім
як
лёдам
Калісьці час быў такі рыпучы
Як снег пад нагамі
Ён лез пад скуру
І танчыў у жылах
І венах
Калісьці час быў нечым,
што
можна было памацаць рукамі
І нават
намаляваць
Час быў пахкім і свярбучым
Як ва‌ўкі
на руках ад вятранкі
На якую ты перахварэла ўчора -
Хвароба ўжо скончылася
Але цела
ўсё яшчэ памятае
Пазногці
І адчуванне свёрбаў.
Калісьці час можна было зблытаць
з прасторай.
Ці з тым адчуваннем, калі басанож
ідзеш па брудных лужынах.
Ісці па брудных лужынах
Выбар летуценнікаў ці вар'ятаў.
Што ў прынцыпе -
адно і тое ж.
(Тут будучая вучылка ўнутры мяне дастае пісталет і страляе прама ў скронь)
Калісьці час быў цукеркай з лязом унутры.
(Такімі цукеркамі палохаюць дарослыя,
калі хочуць,
каб дзеці не бралі салодкае
ў незнаёмцаў)
Зараз жа час - лязо
І ад цукеркі застаўся
толькі ўспамін.
Трошкі салодкае жалеза
якое
дорыць табе памяць аб дзяцінстве,
рэжучы твой язык.

Я б хацела напісаць часу пісьмо,
Каб спаткацца.
І спытацца
Чаму "Зараз" стала "Калісьці"
Але не ведаю, куды
Ён не даў
Зваротнага адрасу.