Get Mystery Box with random crypto!

Матка боская, ужо 9 жніўня. Два гады прайшло з пратэстаў. А дл | Тутэйшы Шляхціч

Матка боская, ужо 9 жніўня. Два гады прайшло з пратэстаў. А для мяне яшчэ і цэлы год, як я ў эміграцыі.

За гэты час шмат думак узьнікала:"А куды рухацца?", "як дзейнічаць?". Я нярэдка сутыкаўся з рэакцыяй расчараваньня ў атачэньні, што нібыта ўсё згублена.

Але я маю перакананьне, што нічога ня згублена. Памятаеце радкі Купалы? "Не загіне край забраны, покі будуць людзі". Вось яно! Гэта тое, што натхняе мяне ісьці надалей, працягваць, не здавацца. Менавіта людзі. Сярод маёй аўдыторыі проста чартоўскі як шмат годных беларусаў і беларусак, якія трымаюць у сэрцы беларушчызну, і якіх я ведаю асабіста.

Менавіта нацыянальны авангард вядзе рэй. Менавіта тыя людзі, якія маюць нацыянальную самасьвядомасьць. І гэты вы, спадары й спадарыньні.

А што трэба рабіць? Любыя дзеяньні, што спрыяюць дасягненьню нашай нацыянальнай ідэі, якая ўзьнікла дзякуючы Кастусю Каліноўскаму — незалежная беларуская дзяржава. Гэта й любая дапамога ўкраінскаму народу ў справе абароны сувернітэту Украіны, у тым ліку беларускім змагарам, што ваююць за яе волю і супраць рускага міру, гэта й гуртаваць вакол сябе беларусаў за мяжой у сваім горадзе, або далучыцца да дзейнай арганізацыі, або суполкі,(мы ў Кракаве ўвесьчасна ладзім "Беларускія вячоркі" з мэтай стварэньня асьсяродзьдзя для практыкі беларускай мовы, а гэтаксама ўзмацненьня нацыянальнай самасьвядомасьці), гэта й прасоўваньне прабеларускай палітычнай і нацыянальнай пазіцыі, як і ў гэткіх тыртырнэтах,, так і сярод сяброў. Чым болей будзе ўзьнікаць прабеларускіх блогераў і блогерак, тым больш эфектыўна будзе пашырацца беларуская самасьвядомасьць.

Ну й галоўнае — ўсьвядоміць, што кожны з нас мае быць самастойным. Ня трэба чакаць цуда на Каляды, што хтосьці нешта зробіць за нас. Варта рабіць, хто на што здольны і на што ў вас хапае сілаў, і энергіі. Што б гэта ні было: далучэньне да палка Каліноўскага, валантэрства, арганізацыя беларускіх суполак у сваім горадзе, блогерская і інфармацыйная дзейнасьць з мэтай прасоўваньня беларускай сьвядомасьці і змаганьня з расейскай прапагандай, альбо проста данясеньне беларускіх каштоўнасьцяў да сваіх прыяцеляў, сяброў, сям'і — важна ўсё, і важны кожны з вас.

Я веру ў нас, у беларусаў. І я веру што мы ўсё здолеем, як бы гэта цяжка не было.