Get Mystery Box with random crypto!

ЧАМУ РАСЕЯ ЗАХАПІЛА БЕЛАРУСЬ АМАЛЬ НЕЗАЎВАЖНА Вяртаюся з доўг | Ukrainian & Belarus

ЧАМУ РАСЕЯ ЗАХАПІЛА БЕЛАРУСЬ АМАЛЬ НЕЗАЎВАЖНА

Вяртаюся з доўгага тэлеграм-адпачынку. Дзякуй усім, хто больш за месяц рэпосціў мае ранейшыя допісы. І падпісантаў, не гледзячы на маю адсутнасць, стала нашмат болей.

Часам падаецца, самае галоўнае, што хацелася сказаць, ужо тут напісана. Але, каб быў вынік, трэба ўвесь час актуалізаваць важнае. Важнае для сябе ўвесь час украінцам і беларусам актуалізуюць “ліберальныя” расейцы. Для іх свет расеецэнтрычны. Тым часам і беларусы, і ўкраінцы кожны на сваім этапе праходзяць пераасэнсаванне ўласнай вартасці, але звычка азірацца, што там скажуць з масквы, у многіх застаецца.

Спадзявалася, з цягам вайны буду назіраць усё большае адасабленне беларусаў ад расейцаў. На актуальную ўкраінскую сітуацыю гэта амаль не ўплывае, але бачу ў гэтым светапоглядную выгаду для беларусаў. На жаль, асабліва апошнія тыдні, назіраю зваротны працэс: вяртання даверу да расейскага.

Патлумачу свае перасцярогі. Беларусы зноўку могуць страціць адчуванне небяспекі ад расейцаў і расейскага, якая ўвесну нарэшце ўсвядомілася наймацней за апошнія, мабыць, дзясяткі гадоў.

Прыклад 1: знешнія кантэксты. Праз санкцыі ці імаверную пагрозу новых санкцыяў у інфармацыйнай прасторы свет часта ставіць беларусаў побач з расейцамі. Мне падаецца, што найлепшая абарона ў такіх сітуацыях – новыя і старыя аргументы, дзе беларусы – не расейцы. То бок не «змагацца» побач з расейцамі супраць санкцыяў, а змагацца з расейцамі і ўсім расейскім у інфапрасторы. На жаль, ёсць шмат прыкладаў, дзе беларусы бяруць гатовыя наратывы расейцаў і імі карыстаюцца не толькі ў адносна прыватных камунікацыях, але і ў палітычных.

Вывучала расейскія аргументы супраць магчымага скасавання турыстычных візаў для расейцаў (і беларусаў). Калі перамалоць гэта ў галаве і моцна спрасціць, то атрымаецца, што яны хочуць, каб вайна скончылася, каб перамагла Украіна. Але не коштам расейцаў. Нават калі гэта не цэлае жыццё «мірнага расейца», а магчымасць выехаць. То бок, перамагчы павінна Украіна, гэтым яна зробіць у тым ліку моцную паслугу расейскім актывістам, якія «што б ні зрабілі, усё недастаткова», бо «ўсё вырашаецца ва Украіне»… але перамагчы яна павінна галоўным чынам коштам жыццяў і свабодаў украінцаў.

Гэта ганебная пазіцыя, нават калі б візы сапраўды скасавалі. Варта сачыць за іх рыторыкай і аналізаваць яе на каштоўнасную аснову і гуманнасць. Пасля, хутчэй за ўсё, не захочацца дзейнічаць так, як яны. Бо расейцы - гэта амаль заўсёды не пра каштоўнасці і гуманнасць. Так, вайна – гэта не лёгка, вайна – гэта ахвяры. Але важна захаваць годнасць. Важна разумець, дзеля чаго ўсе пакуты тых, хто ўжо пацярпеў. Ісці на любыя кампрамісы з тымі, хто вас жа не паважае і выкарыстоўвае дзеля ўласных мэтаў, непрактычна, калі не казаць ужо пра маральны бок пытання.

Прыклад 2: унутраныя кантэксты. Шмат хто з беларусаў мае куміраў з расеі. Іншыя проста не лічаць расейкі кантэнт небяспечным і не адмаўляюцца ад яго, бо звыкла. І ў гэтай кропцы людзі, якія ствараюць кантэнт (а гэта зараз амаль кожны з тэлефонам), павінны разумець, што трэба кантраляваць/рэгуляваць/дыктаваць свой кантэнт, а не дазваляць чужому кантэнту рэгуляваць сябе. Наколькі гэта магчыма.

Беларускае грамадства, як і ўкраінскае (магчыма, як і любое іншае), не валодае дастатковым узрознем крытычнасці, тым больш ва ўспрыняцці інфармацыйнага расейскага прадукта (хоць перакананае, што валодае канешне). Небяспечна падаваць расейскіх лібералаў як экспертаў. Псіхалогія спажывача інфапрадукта працуе так: той, у каго пытаюць ягоную думку, атрымоўвае плюс да сваёй “экспертнасці”. А яшчэ больш плюсаў, калі пытае той, да каго ў спажыўца ёсць асабістая сымпатыя. Можа, расеец скажа штосці карыснае, але паралельна - тройчы шкоднае.

Вярніцеся ў 2020–2021 гады. Мала хто з беларусаў бачыў галоўнага ворага менавіта ў расеі. А шмат хто і цяпер яшчэ не зразумеў, што расея зрабіла ўсё амаль незаўважна, бо ад яе чамусьці не чакалі. Чаму? Бо там свае, там зразумелае, там сябры. Гэта таксічныя адносіны на ўсіх узроўнях. Ратавацца можна, толькі максімальна адарваўшыся ад іх.