Get Mystery Box with random crypto!

ТАК, УКРАІНЦЫ ХОЧУЦЬ, КАБ ВЫ ЛЯГЛІ ПАД ТАНКІ (частка 2, пачата | Ukrainian & Belarus

ТАК, УКРАІНЦЫ ХОЧУЦЬ, КАБ ВЫ ЛЯГЛІ ПАД ТАНКІ (частка 2, пачатак вышэй )

Але больш за ўсё мне шкада тых, каму памылкі вашыя і нашыя, свядомыя і не, каштуюць жыцця. Так, мы ўсе так ці іначай адказныя. І ў гэты момант я як ніколі цаню магчымасць разумець сваю ролю і датычнасць да вялізнай сусветнай трагедыі, а цяпер толькі яе пачатак. Мне важна разумець, каб захаваць у сабе гэтыя сувязі, каб навучыць дзяцей не паўтараць памылак. Вельмі важна сярод абразаў бачыць факты і вучыцца з імі працаваць.

Як чалавек, які заглыбляецца ў прагматыку камунікацыі (калі коратка, гэта пра абставіны, кантэкст), я, напрыклад, ведаю: што б я ні сказала, якімі б аргументамі ні жанглявала, маё слова ў Беларусі (ці да беларусаў) – гэта заўсёды слова ўкраінкі. Змагацца з гэтым – марна. Гэта трэба прыняць і зразумець, калі хачу з гэтым працаваць, выбіраць інструменты больш удала.

Кожны тэкст/каментар у інтэрнэце дае нейкі вынік. Ідэальна, калі ён дасягае той мэты, якую ставіць той, хто яго публікуе. Важна правяраць сябе: якая мая мэта? Да каго я звяртаюся? Хто гэта будзе/можа прачытаць? Гэты тэкст адпавядае маёй мэце? Калі не, то які вынік ад гэтага тэксту атрымаўся? Ён мяне задавальняе? Калі мы адказваем тэкстам на тэкст, то, акрамя мэты, важна разумець тэму гаворкі. Больш прадуктыўна (і эканомна) не адыходзіць ад тэмы.

«Нам што, маўчаць, калі нас абражаюць?» Я б ставіла пытанне: ЯК пра гэта гаварыць? Вось гэтае ЯК таксама павінна адпавядаць мэце і тэме, калі хочацца пазітыўнага выніку.

«Пра гэта трэба гаварыць!» Мэта проста гаварыць не мае сэнсу, бо тады вынік зусім не кантраляваны, а ў кантэксце вайны дык зусім можа мець небяспечныя наступствы. І ўжо мае.

«Мы мусім кранаць беларускія тэмы ва Украіне». Проста кранаць, каб што? На фоне ўсяго, што адбываецца ва Украіне, праблемы Беларусі падаюцца (не пішу, што так і ёсць) нязначнымі. Гэта зноўку кантэкст. Ён заўсёды важны. Калі сапраўды ёсць праблема, яе трэба развязаць. Каб яе развязаць, трэба, каб пра яе даведаліся ўкраінцы, якія маюць уплыў на яе – словам і дзеяннем. Калі днямі я бачу пост Франака Вячоркі, што сітуацыя з праваабаронцай Анісіяй Казлюк развязваецца, а пасля гэтага з’яўляецца яшчэ шмат эмацыйных допісаў пра ўкраінцаў, якім вайна вось такога не спіша, я не разумею іхнай мэты. Яны не развязваюць нічога, не адукоўваюць, не схіляюць да рэфлексіі, а толькі раздзімаюць негатыўныя эмоцыі. Калі гэта і было мэтаю, то дзеля чаго? Калі немагчыма спыніць ракетаў, то спыніце вось гэтыя неканструктыўныя абразы.

Зразумейце правільна, але гэты кейс з арыштаванаю праваабаронцаю вельмі важны глабальна, для беларуска-ўкраінскіх стасункаў гэта можа ў выніку мець больш плюсаў, чымся мінусаў. Бо пакуль гэтая тэма дэпартацыі беларусаў з Украіны мела розгалас збольшага толькі сярод беларусаў, то і развязаць яе было складаней. Такім чынам, развязваючы падобныя пытанні, беларускія і ўкраінскія актывісты/палітыкі адпрацоўваюць алгарытмы развязання праблемных пытанняў на будучыню. Я б глядзела на такія выпадкі як на магчымасць наладзіць сувязь, а збольшага пабачыла магчымасць раздзьмуць крыўду на ўкраінцаў яшчэ больш.

Цяпер у Беларусі і Украіны зусім розныя лакальныя мэты і патрабаванні адно да аднаго. Разумець зыходныя звесткі важна, каб ад іх адштурхоўвацца ў рашэннях. Але глабальныя мэты краінаў – вельмі падобныя, я прапаную засяроджвацца на іх. Для гэтага трэба прыняць рэальнасць і адказаць сабе на шмат пытанняў. Напрыклад, што павінна здарыцца, каб вы ляглі пад танкі.