Get Mystery Box with random crypto!

​Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: спатканні ў калоніі | Вясна | Брэст

Што варта ведаць пра спатканні з вязнямі: спатканні ў калоніі, турме. Частка 2.

Кароткатэрміновыя спатканні
са сваякамі ці іншымі асобамі дазваляюцца асуджаным у прысутнасці працаўніка адміністрацыі папраўчай установы. З не сваякамі спатканні дазваляюцца толькі ў тых выпадках, калі, па меркаванні адміністрацыі ўстановы, яны не могуць адмоўна ўплываць на асуджанага.

Размова вядзецца на мове, абранай асобамі, якія прыбылі на спатканне. Калі ніхто з прадстаўнікоў адміністрацыі ўстановы не ведае мовы, на якой вядзецца размова, то для кантролю за зместам размовы можа быць запрошаны перакладчык ці іншая асоба, якая валодае гэтай мовай.

Асобам, якія прыбылі на кароткатэрміновае спатканне з асуджанымі, не дазваляецца заносіць якія-небудзь прадукты харчавання і рэчы ў пакоі, дзе адбываецца спатканне, а ў выхаваўчых калонах — дазваляецца па меркаванні адміністрацыі ПУ.

Дагляд асобаў, якія прыбылі на кароткатэрміновае спатканне, праводзіцца пры наяўнасці дастатковых падставаў меркаваць, што яны маюць намер перадаць забароненыя да выкарыстання прадметы. Калі асоба, якая прыбыла на спатканне, адмовіцца ад дагляду адзення і рэчаў, якія яму належаць, спатканне асуджанаму з гэтай асобай у гэты дзень не даецца.

Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання асуджанага з блізкімі сваякамі. Іншым асобам, якія не з'яўляюцца сваякамі асуджанага, працяглыя спатканні дазваляюцца, толькі калі гэтыя асобы прызнаныя ў судовым парадку чальцамі сям'і паводле ч. 2 арт. 59 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, пры наяўнасці дакументаў, якія гэта пацвярджаюць.

Час працяглага спаткання вызначаецца ў кожным выпадку адміністрацыяй установы з улікам паводзінаў асуджанага, яго адносінаў да працы і навучання. Пры гэтым, такое спатканне можа доўжыцца не меней за 24 гадзіны і не болей за трое сутак.
На перыяд працяглага спаткання асуджаныя вызваляюцца ад працы з наступнай ці папярэдняй адпрацоўкай. Яны могуць карыстацца адзеннем, бялізнай і абуткам, прынесенымі сваякамі. З сабой на працяглае спатканне асуджаным дазваляецца праносіць курыльныя прылады і прадметы асабістай гігіены.

У памяшканні для працяглых спатканняў дазваляецца праносіць прадукты харчавання (за выключэннем алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва). Пры гэтым усе рэчы, прадметы, прадукты харчавання і адзенне асобаў, якія прыбылі на працяглае спатканне, праходзяць праз абавязковы дагляд.

Па завяршэнні працяглага спаткання начальнік установы можа дазволіць сваякам перадаваць асуджаным прадукты харчавання, якія засталіся, вагой не больш за прадугледжаную для пасылкі.

Працягласць спаткання можа быць скарочана адміністрацыяй установы па просьбе асобаў, якія знаходзяцца на спатканні. Аб'яднанне спатканняў або раз'яднанне аднаго спаткання на некалькі не дапускаецца.
Таксама працяглае спатканне можа быць заменена кароткатэрміновым па просьбе асуджанага.
Заўвага: у парадку заахвочвання асуджаным на працягу года можа быць прадстаўлена дадаткова да чатырох спатканняў. Таксама іх могуць пераводзіць на палепшаныя ўмовы ўтрымання, дзе колькасць спатканняў на год павялічваецца. Аднак гэта не тычыцца палітычных зняволеных, якіх па змоўчанні адразу ставяць на "прафілактычныя ўлікі".

Чытаць 1-ую частку
Чытаць болей пра статканні