Get Mystery Box with random crypto!

14 ліпеня – роўна год, як старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго | Вясна | Брэст

14 ліпеня – роўна год, як старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч былі брутальна схопленыя беларускімі ўладамі.

«Вясна» на чале з Алесем, Валянцінам і Уладзем ужо больш за 20 год абараняе беларусаў, якія сутыкнуліся з ціскам дзяржавы праз рэалізацыю сваіх правоў і свабод. Менавіта за сваю легальную праваабарончую дзейнасць, дапамогу грамадзянам і імкненне да дэмакратыі ў краіне «вясноўцы» аказаліся за кратамі. Цяпер ім пагражае да сямі гадоў зняволення па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў у буйным памеры.

Таксама ў цяперашні момант за кратамі знаходзіцца яшчэ чацвёра праваабаронцаў «Вясны»: кіраўнік Гомельскага аддзялення Леанід Судаленка, яго памочніца і валанцёрка Таццяна Ласіца, каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк.

14 ліпеня — у гадавіну затрымання нашых калегаў, мы хочам нагадаць: праваабаронцы — не злачынцы!

Заклікаем вас падтрымаць «вясноўцаў» і далучыцца да простых дзеянняў салідарнасці:

— напішыце ліст ці паштоўку салідарнасці
— дашліце пасылку ці бандэроль, або зрабіце грашовы перавод (акрамя Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы)
— падпішыце петыцыю за вызваленне праваабронцаў
— зрабіце фотаздымак у майцы ці з плакатам з выявай «вясноўцаў» і выкладзіце ў сацсеткі з хэштэгам #FreeViasna
— напішыце ўспаміны або цікавыя выпадкі пра нашых калегаў з хэштэгам #FreeViasna і #мойсябрапалітвязень
— «вазьміце» праваабаронцу ў падарожжа - сфатаграфуй выяву «вясноўцаў» на фоне прыгожага краявіду
— зрабіце акцыю салідарнасці ці адзіночны пікет «Праваабаронца - не злачынца» ў сваім горадзе
— крэатыўце і патрабуйце вызвалення «вясноўцаў» незвычайным спосабам: напрыклад, намалюйце «Свабоду Вясне» на мапе бегам ці велапаездкай ды інш.

Больш інфармацыі на сайце freeviasna.org
Падтрымаць «Вясну» на Patreon