Get Mystery Box with random crypto!

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч падзяліўся, як сам | Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці / BSSF

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч падзяліўся, як сам пачаў размаўляць на мове і як ідуць справы з беларускамоўнымі днямі на Трыбуне:

Гэта адбылося, калі прачытаў пост Зміцера Дашкевіча пра тое, што ніводзін дыктатар не здольны адабраць у беларуса. Уласна кажучы, то быў пост пра мову. Ён мяне вельмі зачапіў.

Спачатку, каб ніхто не дурыў галавы, я сам усіх папярэджваў, што праводжу асабісты моўны чэлендж. Бестэрміновы. Пасля, калі атачэнне прызвычаілася, то і папярэджваць перастаў. Гавару і гавару. Як атрымоўваецца, так і гавару.

Ніякіх праблем праз мову не было. Толькі аднойчы прадавачка на Камароўцы дакалупалася, каб я размаўляў з ёй па-руску, бо ёй так хочацца, але я проста знайшоў сабе іншую прадавачку (нават на фіг не паслаў) – і праблема вырашылася.

Пра складанасці: не хапае слоўнікавага запаса. Па-першае, праз тое, што сам доўгі час недастаткова актыўна ўжываў мову. Па-другое, адчуваю праблему ў тым, што мова доўгі час недастаткова актыўна ўжываецца беларусамі, што запаволіла яе развіццё.

На рускую пераключаюся толькі ў выключных выпадках. Напрыклад, калі трэба тэрмінова вырашыць праблему, а ў мяне не вельмі выгаднае становішча – напрыклад, я штосьці прашу. Каб не адцягваць увагу ад галоўнага, каб не злавіць нечаканую рэакцыю, раблю тактычнае адступленне. Але такое за чатыры месяцы здарылася ўсяго пару разоў.

Што да Дзён беларускай мовы на Трыбуне, то тут досыць складаная сітуацыя. У нас па-беларуску вядуцца толькі сацсеткі. Няма прымусу па выкарыстанні мовы, але і няма вялікай колькасці тых, хто ёй прыстойна валодае. Ёсць адзін аўтар, і, калі атрымоўваецца, мы стараемся зрабіць так, каб нейкія яго тэксты выпадалі на нядзелю, каб падтрымліваць нашу ідэю.

Пашыраць гэту ініцыятыву складана праз абмежаванне па колькасці аўтараў. У нас то адзін сядзіць на сутках, то другі. Гэта павышае напругу на рэдакцыю. Нейкай адмоўнай рэакцыі ў калег на мову я не бачыў, бо піша на мове толькі той, хто хоча і можа.

Facebook | Instagram | Пожертвовать фонду