Get Mystery Box with random crypto!

​​30 верасня адзначаецца сусветны дзень перакладчыка Андрэй | ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ

​​30 верасня адзначаецца сусветны дзень перакладчыка

Андрэй Хадановіч віншуе ўсіх датычных да гэтай цяжкай працы, а таксама ўсіх гледачоў канала CHADANOVIČ са святам:

“Хочацца павіншаваць усіх перакладчыкаў вершам Станіслава Ежы Леца “Масты”. Лец быў не толькі паэтам і афарыстам, але й знакамітым перакладчыкам – цэланаўскай “Фугі смерці”, напрыклад. У не самыя лёгкія часы ён перакладаў, між іншага, беларускую і ўкраінскую паэзію. Пра масты паэт думаў усё жыццё – мабыць, таму, што ў яго родным Львове не было ракі. І ўсё сваё жыццё ён будаваў масты між людзьмі, у тым ліку – як перакладчык”.

Масты

Мой горад жыхароў не прывучыў да рэк,
таму на мост гляджу ў здзіўленні недарэчным –
і вобразы ўначы ірвуцца з-пад павек,
і гойдае рака апоры ў руху вечным.

Стаю над хвалямі, адводзячы душу.
Пад аркамі мастоў сплывае час паволі,
пакуль шуміць вада, як чарада ўвушшу,
і топіць вечары ў зялёным алкаголі.

Час не спрыяў мастам. Я сам падпальваў кнот
пад палямі ў рацэ, страляў па грудзі ў твані.
Ад куляў і агню шыпела кроў балот,
і бераг пасівеў ад попелу дазвання.

Ад выбуху ў вачах нябёсы – дагары,
ды ўстояла зямля. А значыць, не сканаем.
Гляджу, як ратаваць выходзяць цесляры
масты над Віслаю, Влтавай і Дунаем.

Як файна берагі злучаюцца наўпрост.
І хоць не назаву вясёлку мостам Бога,
над рэкамі крыві будую ўласны мост,
каб сын умеў хадзіць і па мастах Ван Гога.

Павіншаваць Андрэя Хадановіча са святам можна ў каментарыях