Get Mystery Box with random crypto!

Беларуская рабінзанада ад Янкі Маўра: як выжыць у Беларусі Н | ХАДАНОВІЧ | CHADANOVIČ

Беларуская рабінзанада ад Янкі Маўра: як выжыць у Беларусі

Новы выпуск на канале CHADANOVIČ

Інструкцыя, як выжыць у складаных умовах і пры гэтым застацца чалавекам ёсць ва ўсіх рабінзанадах, у тым ліку ў Беларусі. Гэта цудоўная кніга класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра “Палескія рабінзоны”.

Сёння расказваем:
- адкуль у беларускага пісьменніка Івана Фёдарава такое незвычайнае прозвішча – Янка Маўр;
- чаму Фёдарава, як і яго знакамітага аднафамільца, таксама можна лічыць першапраходцам;
- як Маўру забаранілі працаваць настаўнікам за ўдзел у нелегальным з'ездзе, пасля якога тры гады за кратамі правёў Якуб Колас;
- навошта Маўр цікавіўся спірытызмам і ведаў мову эсперанта;
- як Свіфт сваім творам пра Гулівера зрабіў зласлівую пародыю на “Рабінзона”.

Вось некалькі думак з новага відэа:

Глядзіце, як Іван Фёдараў сканструяваў свой псеўданім: Янка – найвыразнейшы беларускі сігнал, патрыятычная прывязка да нашай зямлі, Маўр – адсылка да экзатычнай Афрыкі, але не проста да экзатычнай, а да заняволеных краін, якім яшчэ давядзецца змагацца за сваю незалежнасць. У гэтым сэнсе псеўданім – гэта знак салідарнасці з гэтымі далёкімі краінамі. У гэтай увазе да заняволеных лёсаў, у гэтай салідарнасці ўвесь ранні Янка Маўр. Але калі заканчваюцца 1920-ыя і пачынаюцца 30-ыя, тэрыторыя пісьменніцкай свабоды звужаецца. Янку Маўру небяспечна быць касмапалітам, адбываецца ўсё большы паварот да Беларусі і беларускіх сюжэтаў. У Янкі Маўра ўсё менш Маўра і ўсё больш Янкі.

У “Палескіх рабінзонах” Янка Маўр фактычна робіць працу над памылкамі як пісьменнік, іранізуючы над сваімі папярэднімі літаратурнымі шэдэўрамі. Ён паказвае, як лёгка захапляцца далёкімі чужаземнымі краінамі, экзатычнай для нас прыродай, але як бы звяртае нашу ўвагу на тое, што найцудоўнейшае і найцікавейшае можа быць побач, можа быць і ў Беларусі. І тая прырода, прыгажосці і дзівоснасці якой мы проста не бачым, таму што прызвычаіліся, а можа быць таму, што кепска глядзелі.

Даследчыкі часам гавораць, што Янка Маўр сапсаваў свой твор, але з іншага боку памятаем пра законы рабінзанады. Рабінзон – прадстаўнік сваёй цывілізацыі. Віктар і Мірон – непазбежна прадстаўнікі савецкага грамадства. З кім яшчэ ім, беларускім і савецкім навучэнцам у тэхнікуме, сутыкнуцца? А звярніце ўвагу яшчэ і на час: ідылічныя 20-я заканчваюцца, 30-я надыходзяць, на дварэ паранаідальны пошук ворагаў народа, які з кожным годам будзе ўзмацняцца. Хлопцы з непазбежнасцю ўступаюць у канфлікт з ворагамі савецкай улады.

Любім беларускае, чытаем сваё, перачытваем і робім наша больш сучасным. З вас падабайка, камент, шэр і падпіска, з нас выдатныя размовы ад Андрэя Хадановіча: