Get Mystery Box with random crypto!

ТАК, УКРАІНЦЫ ХОЧУЦЬ, КАБ ВЫ ЛЯГЛІ ПАД ТАНКІ У сацыяльных сет | Ukrainian & Belarus

ТАК, УКРАІНЦЫ ХОЧУЦЬ, КАБ ВЫ ЛЯГЛІ ПАД ТАНКІ

У сацыяльных сетках у сакавіку я пісала, звяртаючыся да беларусаў, як важна цяпер дзеяць, а не абараняцца словамі. Ніякія аргументы ў гарачай фазе вайны не спрацуюць лепей за справы. І ніякія справы, калі гэта не спыненне агню з тэрыторыі Беларусі, не палепшаць рэпутацыі Беларусі і беларусаў імгненна ў такой сітуацыі. Бо ёсць ваенны кантэкст. І ён так працуе. Ты ці прымаеш правілы гульні і гуляеш у «доўгую», ці не прымаеш і робіш шмат лішніх, а часам і шкодных для сябе ж дзеянняў.

Тады мне прыляцела шмат цікавых «але», маё любімае: «Мы зрабілі ўсё, што маглі. Чаго ты яшчэ хочаш: каб мы пад танкі клаліся?» Па-першае, я такога не казала (прашу, дарэчы, абурацца тым, што я сказала, а не тым, што вы дадумалі, калі раптам). Па-другое, калі ёсць яшчэ варыянт класціся пад танкі, то значыцца, зрабілі сапраўды не ўсё магчымае. Але гэта я чапляюся не ў дакор, а каб нагадаць, што зрабіць больш можна заўсёды. Ды не для нас, а для сябе. Хоць я разумею, чаму вы не рабілі. Бо я таксама была там і магла кінуць кактэйль у варожую тэхніку ў Менску, хацела, але не кінула. Пасля аналізавала чаму. Бо ведала, што пасля мяне ніхто не кіне. А ва Украіне пасля аднаго кактэйлю, хутчэй за ўсё, паляцяць пяць. Пасля на кожны з гэтых пяці – яшчэ пяць. Гэтае пачуццё адзіноты вельмі спусташае. Я б не зразумела асаблівасцяў выбару формы пратэсту ў Беларусі, калі б не адчувала чагосьці падобнага 5 гадоў. У гэтай кропцы я не абвінавачваю, а задаюся пытаннем: чаму так? Не чаму ва Украіне паляцяць, а чаму ў Беларусі гэта не працуе? Можа, і не павінна, не ведаю. Але толькі шмат пытанняў і яшчэ больш адказаў/тэорыяў даюць магчымасць развіваць думку да пошуку рашэнняў ці аргументаў (хто што шукае).

Дык якія адказы шукаюць беларусы апошні тыдзень? Я бачу класныя тэксты, самарэфлексію, але нашмат больш бачу абурэння на ўкраінцаў, а выбарка ў мяне шырокая. Вось ляціць ракета, якой ты не здолеў спыніць, а вось праз гадзіну ляціць тваё абурэнне, чаму на цябе злуецца ўкраінец.

Кантэкст можна мяняць, але спачатку трэба прыняць. Нават калі вельмі хочацца простых універсальных рашэнняў, вайна ўсё мяняе. Вайна змяніла ролі. У адным з папярэдніх тэкстаў я пісала, што беларусам варта б вызначыцца, хто яны каму ў гэтай вайне. Каму ахвяра, а каму агрэсар. Бачу, што шмат каму не падабаецца быць агрэсарам, і людзі ў адмаўленні гэтага губляюць адчуванне рэчаіснасці. Тут падкрэслю: тое, што маем цяпер, – гэта прамежкавыя ролі. Галоўнае, кім Беларусь выйдзе з гэтай вайны. Пакуль што я назіраю сумную (для мяне) карціну дадатковай агрэсіі на ўкраінцаў у інтэрнэце.

Вы кажаце: трэба абараніць сваіх. Я запытаю: вашая мэта абараняць ці абараніць? Калі другое, то метады і падыход маюць значэнне. Ды і ад каго абараніць? Ад тых, у каго страляе вашая краіна? А яна страляе не таму, што «Украіна гандлявала з лукашэнкам», і не таму, «што некаторыя ўкраінцы лічылі лукашэнку клёвым». Я паўтару: гэта не аргументы супраць «з Беларусі нас ідуць забіваць». Чаму ўвогуле вы адчуваеце, што ад гэтага факту трэба абараніцца? З праўдаю не варта змагацца, а калі так цяжка яе прыняць, то, мабыць, прычына ўнутры.

Я назіраю насамрэч страшную ўнутраную трагедыю сучасных беларусаў. Большасць адмаўлялася слухаць разумнейшых за сябе беларусаў, вучыць гісторыю ды ўвогуле дагэтуль абясцэньваюць тое, што ўжо напрацавана. Бо пастанавілі «ісці сваім шляхам». Таму цяпер балюча, незразумела, страшна і чамусь увесь час абразліва. Мне шкада гэтых людзей. Бо вось гэта ўсё ў тым ліку прывяло да вялізнай трагедыі, а яны не здолелі зразумець сваёй датычнасці. Яшчэ больш шкада мне тых адзінак, якія вучыліся ў найлепшых, мыслілі крытычна, аналізавалі рэчаіснасць і спрабавалі змагацца адначасова і з рэжымам, і з суайчыннікамі, якія не ўсведамлялі сваёй бяды. Я ведаю, што спраўдзіўся ваш найбольшы страх: вы, хутчэй за ўсё, не ўбачыце свайго народу сапраўды свабодным.

*працяг ніжэй