Get Mystery Box with random crypto!

Выканаўчы дырэктар BSSF Аляксандр Апейкін зрабіў неафіцыйны зв | Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці / BSSF

Выканаўчы дырэктар BSSF Аляксандр Апейкін зрабіў неафіцыйны зварот да спартыўнай супольнасці Беларусі.

Прыводзім вам першую частку звароту:

Дык а рабіць-та што будзем, шаноўныя землякі? Ці прыйшло паразуменне, што мы надоўга патрапілі ў міжнародную ізаляцыю? Не, канешне, можна верыць у хлусню міністра Кавальчука, што хутка ўсё скончыцца, хаця я ўпэўнены, што ён сам у гэта не верыць, а проста адпрацоўвае сваю стаўку ідэолага. Ці, напрыклад, давяраць марам біятланіста Смольскага, што трэба рыхтавацца да хуткіх стартаў і выходзіць на іх больш моцнымі.

Не, сябры, гэта так не працуе. Сённяшні бан на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах будзе трымацца 3-5 гадоў, не менш. Абыйсці гэта будзе немагчыма, і раю нават не спрабаваць.

Гучыць можа і не так крытычна. Але што гэта азначае ў практычным сэнсе:

Большасць атлетаў ва ўзросце 31-32 гадоў могуць пачынаць задумвацца аб сканчэнні кар'еры. Прынамсі ў ракурсе міжнародных выступаў. Гэта на шмат гадоў раней, чым было б магчыма. Па сутнасці, гэта страта вялікіх інвестыцый, якія рабілі спартсмен і дзяржава. Бог з ёй з дзяржавай, але гэта мінус 3-5 гадоў прыбытку, які мог бы атрымліваць атлет, які усё жыццё укладаў у самога сябе. Спорт — гэта вар'яцкая праца.

Большасць атлетаў ва ўзросце 17-21 гадоў не атрымаюць неабходную практыку для свайго развіцця і будучай канкурэнтаздольнасці на міжнароднай арэне. Гэта самыя каштоўныя гады для кар'еры спартсменаў. Менавіта ў гэта час закладваюцца асноўныя навыкі і тэхніка. У гульнявых відах спорту дакладна. Таму для велізарнага пласту атлетаў гэты бан азначае развітанне з будучыняй.

Большасць атлетаў ва ўзросце 24-27 гадоў страцяць міжнародныя старты, у тым ліку і камерцыйныя. А, значыцца, страцяць даходы і матывацыю. Трэніравацца некалькі гадоў для выступу на чэмпіянаце Абхазіі — такая сабе справа. Па сутнасці, гэта тая ж страта велізарных інвестыцый, толькі ў самым актыўным для спартсмена ўзросце.

Апроч атлетаў ад міжнародных спаборніцтваў адлучаны таксама спартыўная функцыянеры, мэнэджары, судзі і г.д. Між іншым, гэта вялікая група людзей. Дарэчы, я таксама сярод іх — іронія лёсу.

Я ўжо не кажу пра тое, што ў Беларусі не адбудзецца ніводнай міжнароднай спартыўнай падзеі. Навошта тады патрэбны ўсё нашыя арэны і комплексы? Шмат з іх хутка прыйдуць у заняпад.

Facebook | YouTube | Instagram | Twitter | Падтрымаць фонд