Get Mystery Box with random crypto!

А спорт сапраўды супраць вайны ва Украіне? Міхаіл Залеўскі, | Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці / BSSF

А спорт сапраўды супраць вайны ва Украіне?

Міхаіл Залеўскі, экс-генеральны дырэктар ФК БАТЭ, выказаўся аб тым, чаму спартыўнай супольнасці неабходна далучыцца да Антываеннай дэкларацыі:

Сусветны спорт па-сапраўднаму яшчэ не сказаў сваё слова аб вайне супраць Украіны і дакладна не вычарпаў свае магчымасці быць адзіным, моцным голасам, які не можа быць праігнараваны ні адной арганізацыяй, ні адным урадам.

«Спорт па-за палітыкай» — гэта заезджаная дэмагогія і спекуляцыя. Той, хто так заяўляе аб падзеях ва Украіне, спекулюе жыццямі мірных грамадзян, дзяцей, горам мільёнаў людзей. Сённяшні спорт і ёсць палітыка. Дыктатарскія рэжымы выкарыстоўваюць спорт высокіх дасягненняў у якасці міжнароднай вітрыны і папулярызацыі сваіх краін і ідэалогій. Дамагаюцца правоў прымаць найбуйныя і самыя прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы, на якіх выступаюць лепшыя атлеты міру, стадыёны наведваюць заўзятары дзясяткаў краін, на цырымоніях адкрыцця і зачыненні вядучыя палітыкі і кіраўнікі дзяржаў. Нелегітымныя ўрады і аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць гэта як інструмент легітымізацыі сваёй улады ў вачах цывілізаванага дэмакратычнага свету.

Міжнародныя спартыўныя арганізацыі — гэта палітыка. Яны не салідарныя ў сваіх санкцыйных рашэннях у дачыненні да Расіі і Беларусі, яны не прапанавалі эфектыўных інструментаў рэалізацыі санкцый, хтосьці ўвогуле спрабуе максімальна пазбягаць або ўсяляк ухіляцца ад прыняцця мер. Яны канкуруюць паміж сабой за ўплыў, лабіруюць інтарэсы асобных краін, дэманструюць лаяльнасць спонсарам, якія адначасова з`яўляюцца спонсарамі ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Антываенная дэкларацыя — гэта спроба па-сапраўднаму аб'яднаць сусветны спорт, гэта голас спартыўнай супольнасці, гэта сфармуляваная пазіцыя людзей, якія з'яўляюцца носьбітамі алімпійскіх каштоўнасцяў, а не зручная мудрагелістая рыторыка чыноўнікаў.

Так, многія спартсмены выказалі свае адносіны. Вельмі многія ствараюць гуманітарныя ініцыятывы і самі аказваюць неацэнную дапамогу Украіне. Але ж яшчэ больш тых, хто абмежаваўся "не вайне". Што значаць гэтыя словы? Якую каштоўнасць яны нясуць? Наша ініцыятыва заклікае ўвесь сусветны спорт заняць сфармуляваную пазіцыю, якая выстаўляе канкрэтныя патрабаванні аб спыненні вайны супраць Украіны і вываду войскаў з яе тэрыторыі. Гэта не вайна Украіны. Украіна зараз гераічна змагаецца за ўсю Еўропу, за кожнага з нас. Украінцы гінуць у тым ліку і за будучыню нашых дзяцей. Спорт не мае права прыкрывацца двухсэнсоўнымі фармулёўкамі і з дапамогай віртуознай рыторыкі працягваць заставацца абыякавым да жыцця дзясяткаў тысяч людзей. Голас аб'яднанага спорту павінен набыць суб'ектнасць і вагу для міжнародных арганізацый і ўрадаў. Гэта падмурак для мноства ініцыятыў і інструмент міжнароднай дыпламатыі.

Падпісаць міжнародную Антываенную дэкларацыю можна па спасылцы