2021-04-15 18:47:47
Ксёндз Вячаслаў Барок
:
Як чую, што хтосьці ў Беларусі пачынае гаварыць пра адзінства, асабіста я адразу насцярожваюся. <...>
Дзяржава абвяшчае год адзінства. Прадстаўнікі чатырох канфесій 21 снежня 2020г падпісваюць зварот аб міры. На афіцыйных дзяржаўных спатканнях, на якіх у прынцыпе не моляцца, ладзіцца 21 сакавіка 2021 г. у Хатыні акцыя пад назвай “Ўсебеларуская малітва за мір” і запрашаюць на яе малітвеннікаў розных канфесій. Ну, а хтосьці асвячае мемарыялы духоўнага адзінства- так зрабілі ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску 11 красавіка 2021г. Нядаўна і Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб правядзенне акцыі „Малітва за мір і адзінства".
А вось адзінства і міру ўсё няма. Ну, дзякуй Богу, на нацыянальнае радыё пасля васьмімесячнага перапынку вярнулася трансляцыя штонядзельнай Імшы з мінскай катэдры, дзякуючы ініцыятыве Белтэлерадыёкампаніі. І ў мяне асабіста ўзнікае скептыцызм ад гэтых усіх ініцыятываў, можа, ведаеце, таму, што пра адзінства і мір трэба менш гаварыць, а трэба больш рабіць. Трэба падумаць і адказаць на пытанне: чаму узнік раскол у грамадстве.
Арыген пісаў: “дзе прабывае грэх, там і множнасць, там раскол, там ерэсь, там сутыкненне; але дзе прабывае цнота, там і адзінства, там саюз, дзякуючы якому ўсе вернікі мелі адно цела і адну душу" (Арыген, Пропаведзі на Іезэхіэля 9, 1-4) Выснова напрошваецца такая: каб асягнуць адзінства, трэба ліквідаваць прычыну падзелаў і расколу, а ёй ёсць грэх. У сітуацыі беларускай, гэты грэх называецца: хлусня і насілле, фальсіфікацыі і беззаконне.
Так вось, гаварыць пра духоўнае адзінства нацыі і ўпарта не бачыць, замоўчваць і абмінаць прычыны падзелаў – гэта калі і не яўны падман, то адназначна, гэта той выпадак, пра які прарочыў Ісая, гаворачы пра духоўную слепату народа: “абрасло сэрца тукам" і “вочы свае заплюшчылі". (пар. Мц 13,15). А сляпы,вядома, нікуды не завядзе. Асвячэнне мемарыялаў духоўнага адзінства і не заўважанне тысячы жывых людзей, якія нявінна церпяць за кратамі, да адзінства не прывядзе. Гэта вядзе ўсё далей у тупік. <...>
Так прыгадваюцца мне просьбы гадарцаў, жыхароў краю геразянаў з-за Галілейскага мора. Увесь люд гэтай зямлі (во дзе было адзінства) выйшаў насустрач Ісусу, і прасіў Яго пайсці ад іх. (пар Лк 8, 37). Чаму так? Таму што яны спалохаліся, бо ведалі, што Ісус вызваліў апанаванага ад улады дэманаў, якіх адправіў у стада свіней, што кінуліся з абрыву ў мора. А можа свіней ім было шкода. Бачыце, гадарцы таксама маліліся, але рабілі тое не разабраўшыся, і Хрыстос так і не ўвайшоў у іх горад.
А таму, напрыканцы маю вялікае жаданне сказаць: можа хопіць нам маліцца за мір і адзінства!? Каб раптам гэтымі малітвамі не спалохаць Самога Бога, які безумоўна не абмінае нас, бо дае ў нашыя сэрцы жаданне лепшага жыцця, справядлівага ды ў Праўдзе. Калі ж евангельскія каштоўнасці для нас неважныя, то і малітвы нашыя становяцца падобнымі да малітвы гадарцаў з просьбай, каб Бог нас пакінуў.
Той, хто не хоча чуць праўды і не бачыць, як сёння церпяць зняволеныя ў турмах, калі моліцца, то можа прасіць толькі аднаго ў Бога. Ў адрозніванні ад гадарцаў, павінен запрасіць Ісуса да сябе, каб Яго праўда вызваліла з-пад улады апанавання злым і пазбавіла ўнутранага свінства.
А вось мірнае суіснаванне розных людзей з рознымі перакананнямі магчымае будзе тады, калі прымем за абавязак выкананне маральнага закону, як імпэратыву: рабі дабро, пазбегай зла. Як навучае Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла вуснамі Яна Паўла ІІ: “Неабходна, каб універсальны маральны закон, запісаны ў сэрцы чалавека, лічыўся дзейсным і абавязковым, як жывы выраз агульнага для ўсяго чалавецтвп сумлення, як “граматыка” па якой трэба булаваць будучыню свету" (КСВК 436). Вось тады, думаю, будзе і адзінства. Як бачым “граматыкі прыстасоўніцтва" у афіцыйным навучанні Касцёла няма.
652 views15:47